logo skrypki  icon vkicon youtubeicon facebookicon inst
Mobile menu

palasa

 

ТРЫ СКРЫПКІ ПАМІЖ ТРОХ АЗЁР

palasa1

Праехаць мiма гэтай сядзiбы i не прыпынiцца проста немагчыма. Спачатку ўвагу прыцягвае незвычайны плот — дошкi накладзены адна на адну быццам рыбiна луска. Так рабiлi яшчэ ў даўнiя часы, адметную тэхналогiю цяпер рэдка дзе ўбачыш. Пасярэдзiне — вялiкая брама, якую гасцiнныя гаспадары ахвотна расчыняюць перад гасцямi. Не стрымаўся i я, тым больш, што цiкава было пазнаёмiцца са Скрыпкамi — такое ў людзей самабытнае прозвiшча.


Ляшчынскiя гаспадары прапануюць актыўны адпачынак з вясковым каларытам

На падворку сустрэў бацьку Дзмiтрыя Вiктаравiча з сынам Антонам. Яны толькi што вярнулiся з рыбалкi, напэўна, удалай, паколькi настрой у абодвух быў выдатны. "А вы заходзьце, калi цiкава, — запрасiлi Скрыпкi, — самi ўсё пабачыце". Ну як тут адмовiшся?

Пяць хутароў

Скрыпкi ў гэтым кутку Нарачанскага краю жылi спрадвеку. Праўда, яшчэ паўстагоддзя таму гаспадарылi яны на хутарах — гэта за некалькi кiламетраў ад Ляшчынска. Пачынаў тут разгортвацца яшчэ прадзед Дзмiтрыя Вiктаравiча. Продак меў шмат зямлi i лесу. Калi прыйшоў час, то ўсю сваю гаспадарку ён падзялiў памiж дзецьмi — на сем частак. У вынiку кожны апроч зямлi атрымаў па некалькi дзясяткаў гектараў лесу. Так што ў Жоглах былi моцныя гаспадары, якiя свой дабрабыт стваралi ўласным мазалём.

— Наша сям’я жыла побач з дзедам Вiнцуком, — узгадвае Дзмiтрый Скрыпка. — Непадалёк — цётка Аўдося, цётка Волька i цётка Юстына. У кожнай сям’i быў свой хутар, але жылi вельмi дружна, дапамагалi адзiн аднаму. Пасля, у пачатку 1960-х, нас ссялiлi сюды. А цётка Юстына да канца жыцця жыла на хутары — засталася там, прынцыпова не пераехала.

На старых мапах пачатку ХІХ стагоддзя Ляшчынск яшчэ не пазначаны. Затое ў гэтым месцы можна адшукаць населены пункт з цiкавай назвай Пiшчы. Тое паселiшча знiкла, а вось назва засталася — месцiчы дагэтуль адну з частак Ляшчынска так абазначаюць. Бадай што цяперашняя вёска ўзнiкла пасля перасялення людзей з хутароў. Яна адносна маладая, але з даўнiмi традыцыямi, паколькi людзi тут жылi вельмi даўно. Праўда, да пэўнага часу паасобку — кожны сваёй сям’ёй. Калiсьцi гэта была даволi вялiкая вёска — хат i зараз засталося многа, але не ў кожнай стала жывуць людзi.

— Апошнiм часам адбываецца трансфармацыя вёскi ў нейкую новую форму, — лiчыць Антон Скрыпка. — Дамы застаюцца, людзi iх набываюць, каб улетку прыязджаць сюды адпачываць. У такiм выдатным месцы, як тут, кiнутых хат проста не можа быць. Людзi стамiлiся ад асфальту i час ад часу хочуць мець магчымасць збегчы ад цывiлiзацыi ў глыбiнку. Няхай ненадоўга, аднак пабыць у цiшынi i спакоi, змянiць рытм жыцця.

Родную сядзiбу Скрыпкi заўжды даглядалi, але жылi i дасюль жывуць у Камарове. Дзмiтрый Вiктаравiч працуе ў мясцовай школе загадчыкам гаспадарчай часткi яго жонка — настаўнiца рускай i нямецкай мовы, выкладае ў Камароўскiм сельскагаспадарчым лiцэi i Свiрскай СШ. Антон i яго старэйшы брат Дзянiс пасля заканчэння школы падалiся ў сталiцу. Здавалася, усё развiвалася па звычайным "сцэнарыi", як i ў iншых сем’ях. Так i было да нядаўняга часу, пакуль Скрыпкi не вырашылi распачаць сваю справу менавiта ў роднай вёсцы — невялiкiм Ляшчынску, дзе засталiся лiчаныя жыхары. Яны аформiлi дакументы i зарэгiстравалi аграсядзiбу "Тры Скрыпкi". Першая Скрыпка — Дзмiтрый Вiктаравiч, другая — яго старэйшы сын Дзянiс, а трэцяя — малодшы Антон. Жанчыны iм, безумоўна, ва ўсiм дапамагаюць, але адказнасць, як заўсёды было, — на мужчынах.

Прапалi ты мне лазню па-чорнаму...

Скрыпкi мяркуюць стварыць традыцыйную сялянскую сядзiбу. Таму адпаведным чынам абуладкоўваюць падворак. Каля брамы — яшчэ даволi моцная пуня. Яе плануюць рэканструяваць, тады будзе добрае памяшканне, дзе можна размясцiць вялiкую кампанiю, наладзiць танцы. Захаваўся стары склеп, у якiм захоўваюцца хатнiя прысмакi. З хутара перавезлi лазню — у будынка амаль стагадовы "ўзрост", але аварыйным яго ну нiяк не назавеш. Зроблены з круглых нечасаных бярвенняў i выглядае вельмi дыхтоўна. Гаспадары спадзяюцца, што лазня яшчэ не менш чым стагоддзе прастаiць.

Цяпер Скрыпкi лазню даводзяць да ладу. Напрыканцы мiнулага года яны ўзялi льготны крэдыт на развiццё агратурызму i паспелi закупiць будаўнiчыя матэрыялы. У лазнi плануюць стварыць самыя сучасныя ўмовы — з пакоем для адпачынку, санвузлом. Каб госцi маглi бавiць вольны час з прывычным камфортам. А ў найблiжэйшай перспектыве Скрыпкi прапануюць турыстам i ўвогуле эксклюзiўны варыянт. Непадалёк ад падворка засталася старая лазня, якая прапальваецца па-чорнаму. Руйнаваць яе абачлiвыя гаспадары не маюць намеру, а мяркуюць аднавiць. Каб аматары лазнi мелi магчымасць папарыцца, як у былыя часы. Напэўна ж, знойдуцца такiя ахвотнiкi.

— Летась у нас адпачываў госць з Калiфорнii, — узгадвае Антон Скрыпка. — Гэты чалавек казаў, што стамiўся ад гатэляў i доўгi час марыў адпачыць менавiта ў такiх умовах, далей ад цывiлiзацыi. Ён нават у прыбiральню на вулiцу хадзiў. Але гэта не значыць, што наша прапанова будзе абмежавана выключна такiмi "дзiкiмi ўмовамi". Павiнен спалучацца самы сучасны сэрвiс з самабытнасцю.

Антон кажа пра гэта сапраўды з веданнем справы, паколькi ўжо не першы год займаецца турызмам. Цiкава, што ў свой час хлопец закончыў Мiнскi педагагiчны ўнiверсiтэт i атрымаў спецыяльнасць "настаўнiк матэматыкi, фiзiкi i iнфарматыкi". Пасля вучыўся ў магiстратуры, а цяпер займаецца ў Вiльнюсе па праграме "Турызм i культурная спадчына". Таму на сваёй вясковай сядзiбе смела можна прымяняць тэорыю на практыцы. Ёсць хата, абуладкоўваецца лазня — ужо можна пачынаць.

— Я не разумею, калi бачу ў газетах аб’явы кшталту "здаецца дом — 150 долараў у суткi", — кажа Антон. — Асобныя i гэта схiльныя лiчыць агратурызмам. Ад чаго церпiць сама iдэя, губляецца сэнс. Звычайна я правожу паралель з Аўстрыяй. Там ёсць вельмi самабытны рэгiён Цiроль, дзе цяпер самыя дарагiя гарналыжныя курорты. Там усё пачыналася, можа, гадоў сто таму, калi горцы будавалi гатэльчыкi, каб прымаць гасцей. Яны перадалi сваю справу дзецям i ўнукам, тыя яе развiлi, пашырылi i цяпер ганарацца тым, што прыдумалi продкi. Напэўна, нешта такое падобнае магчыма i ў Беларусi. Калi мы спрабуем разгарнуцца ў глыбiнцы, зарабляць тут грошы, то павiнны паважаць вёску, аднаўляць традыцыi бацькоў i дзядоў. Думаю, продкi падтрымалi б такiя пачынаннi.

Востраў каралевы

Скрыпкi мэтанакiравана крок за крокам аднаўляюць былы сялянскi побыт. Насупраць падворка праз вулiчку ладны кавалак зямлi — стары сад. Гэтыя палеткi ўвесну плануюць распрацаваць, каб пасадзiць усё неабходнае — бульбу, гароднiну, зелянiну. У Камарове ёсць прысядзiбны ўчастак, але для таго, каб сур’ёзна займацца гаспадаркай, трэба абжывацца менавiта ў Ляшчынску.

Цiкава, як змянiлася хата, калi ёй вярнулi першапачатковае натуральнае аблiчча. Са сценаў знялi 11 слаёў шпалер i ўсё наўкола пераўтварылася. Старое дрэва лiтаральна выпраменьвае станоўчую энергетыку, якую ўвабрала за доўгiя гады. У цэнтры хаты — печ, як i павiнна быць. Гэта хатнi ачаг, якi дае цяпло, у iм гатуюць вельмi смачную ежу. Адраджэннем старажытных рэцэптаў займаецца жонка Дзмiтрыя Вiктаравiча. Жанчына сама пячэ хлеб, гатуе дранiкi, калдуны, запякае дранку з салам, варыць гарбузовую кашу i шмат чаго iншага. Нядаўна яна асвоiла такi своеасаблiвы "мiкс" мучных блiноў i дранiкаў — гасцям калi падаюць, то яны здзiўляюцца: маўляў, што за страва такая?

У печы ўсё смачна атрымлiваецца, нават самыя простыя стравы. Такiя цяпер рэдка дзе пакаштуеш, ад таго i ядуць госцi так, што ажно за вушамi трашчыць. Усе прадукты ў Скрыпкаў з уласнага ўчастка. Хiба толькi каровы не трымаюць, таму малако загадзя замаўляюць у суседзяў, таксама як i смятану, масла, тварог. Так што "крамнага" тут няма практычна нiчога. Магчыма, у далейшым госцi пры жаданнi змогуць нават прайсцi "майстар-клас" па прыгатаваннi вясковых страў.

Заўсёды вельмi добра сабрацца разам за сталом, нетаропка пасядзець за прыемнай размовай побач з драўлянымi сценамi, сапраўды адчуць свае каранi. Пасля на выбар можна будзе ўладкавацца на сеннiку на печы, адпачыць на драўляным ложку ў суседнiм пакоi альбо падняцца на мансарду. На другiм паверсе будзе сучасны iнтэр’ер, так што госцi адразу заўважаць кантраст памiж рознымi эпохамi. Расцэнкi ў Скрыпак вельмi прымальныя: 10 долараў у суткi (з харчаваннем — 15).

Вясковы лад жыцця — заўсёды актыўны, звычайна па гаспадарцы месцiчы ад цёмнага да цёмнага завiхаюцца. Асаблiва ўлетку. Зразумела, на аграсядзiбе для гасцей расклад крыху iншы, аднак "энергiчны" накiрунак застаецца. Нездарма слоган Скрыпкаў — "актыўны адпачынак з вясковым каларытам". Сядзiба размешчана ў маляўнiчых мясцiнах, памiж трох азёраў — Нарач, Мядзел i Кузьмiчы. Апошнiя два вадасховiшчы карыстаюцца попытам, паколькi тут больш спакойна. На Нарачы падчас сезона масавага адпачынку даволi шмат людзей. А, да прыкладу, на Мядзелi гасцей менш, але "фiшак", напэўна, можа i больш. На гэтым возеры шмат астравоў, на адным з якiх было паселiшча жалезнага веку. У свой час тут стаяў замак Боны Сфорцы — польскай каралевы, старажытныя падмуркi i дасюль захавалiся. Таксама на Мядзелi проста шыкоўная рыбалка, але ж сакрэты лоўлi трэба ведаць. Напрыклад, на гэтым возеры добра бярэцца краснапёрка. А на Кузьмiчах шмат ракаў, кажуць, што яны нават у вялiкiя маразы не засынаюць.

Так што са Скрыпкамi дакладна не засумуеш, можна добра адпачыць, набрацца станоўчых эмоцый. Што ў наш час, пагадзiцеся, ужо нямала. Напэўна, гэты край сапраўды валодае нейкiм магнетызмам, бо як толькi адсюль ад’язджаеш, то ўжо марыш пра тое, каб наведацца сюды яшчэ.

Николай ЛИТВИНОВ

газета "Звязда", №28, 14 февраля 2009