logo skrypki  icon vkicon youtubeicon facebookicon inst
Mobile menu

palasa

 

ЗАПРАШАЮЦЬ "ТРЫ СКРЫПКІ"

palasa1

Запрашаюць Тры Скрыпкі

У ВЁСЦЫ Ляшчынск размясцілася аграсядзіба з такой прыгожай назвай. Слова «Скрыпкі» напісана з вялікай літары не толькі з-за павагі да любімага музычнага інструмента маэстра Паганіні. «Скрыпка» — гэта прозвішча маленькага сямейнага “аркестра”, які радуе адпачываючых сімфоніяй здароўя і добрага настрою. Дзмітрый Віктаравіч Скрыпка — бацька сямейства і гаспадар аграсядзібы. Яго сыны і памочнікі — Дзяніс і Антон. А яшчэ ёсць захавальніца агню, беларускіх традыцый і незабыўнага мясцовага каларыту — жонка Дзмітрыя — Марыя.

Гісторыя

Дзмітрый расказаў, што гісторыя сядзібы сваімі каранямі ідзе ў ХІХ стагоддзе і пачынаецца з таго часу, калі яго прадзед падзяліў зямлю паміж сваімі дзецьмі, і кожны з іх у далейшым стварыў сваю ўласную хутарскую гаспадарку ў раёне азёр Мядзел і Нарач.

— Сядзіба на хутары Жоглы з’яўлялася ўласнасцю майго дзеда Вінцука. Там нарадзіліся мой бацька, я, — расказвае Дзмітрый. — У шасцідзясятых гадах мясцовыя ўлады прымушалі людзей перасяляцца ў вёскі. Тата вырашыў пабудаваць хату на ўскрайку Ляшчынска. Я тады хадзіў у трэці клас, дапамагаў яму ў будоўлі. Дарэчы, на гэтым месцы, дзе зараз стаіць дом, быў вялікі валун. Яго спіхнулі, і зараз ён вунь там ляжыць. Памерлі бацькі. Хата засталася…

Стварэнне аграсядзібы

На Мядзельшчыне пачалі арганізоўвацца аграсядзібы. Вось і Скрыпкі на сямейнай нарадзе вырашылі ў бацькавай хаце стварыць такую. Дзмітрый і Марыя жывуць у Камарове, Дзяніс і Антон са сваімі сем’ямі — у Мінску. Але, нягледзячы на тое, што ад сталіцы да Ляшчынска больш за сотню кіламетраў, хлопцы актыўна дапамагалі бацьку.

— Узялі ў банку крэдыт — пятнаццаць мільёнаў рублёў. Грошы былі не малыя, — прыгадвае гаспадар. — Дом перабудоўвалі, вырашылі пакінуць усё як ёсць. Наадварот, разабралі некаторыя перабіўкі, абарвалі са сцен шпалеры. Усё зрабілі, як кажуць, пад даўніну. На двары асфальтаваных ці бетонных дарожак таксама не клалі. Пасеялі траву. І зараз многія адпачываючыя з задавальненнем любяць пахадзіць басанож, асабліва раніцай, калі раса. Гэта толькі прыбаўляе здароўя…

У хату правялі ваду, зрабілі санвузел, абсталявалі душавую кабінку. Што датычыць гарачай вады, то ніякіх праблем — устанавілі бойлеры. На панадворку пабудавалі прыгожую альтанку, абсталявалі месца для мангала…

Паслугі

Аграсядзіба знаходзіцца ў цэнтры Нарачанскага рэгіёну, паміж трох азёр: Нарач, Мядзел, Кузьмічы. Маляўнічая прырода краю — лепшае месца для рамантыкаў і ўсіх, хто любіць і паважае родную прыроду. А Мядзельшчына сваёй багатай гісторыяй і шмат¬лікімі яе архітэктурнымі помнікамі і знакамітымі месцамі робіць адпачынак разнастайным і незабыўным.

— Прапагандуем актыўны, насычаны рознымі падзеямі адпачынак. Таму прапаноўваем шэраг маршрутаў для вела-вандровак, водных паходаў рознага ўзроўню складанасці, — працягвае размову Дзмі¬трый. — Маем веласіпеды, байдаркі. Арганізоўваем экскурсіі па храмах Мядзельшчыны і суседніх раёнаў.

Гаспадары сядзібы — адкрытыя і гасцінныя людзі. Яны з задавальненнем навучаць плесці кошыкі, выпякаць хлеб і гатаваць розныя традыцыйныя стравы ў печы, дапамогуць адчуць сябе часцінкай з аднаго боку спакойнага, а з другога — рознабаковага і глыбокага вясковага жыцця.

Фішка аграсядзібы — лазня «па-чорнаму». Дарэчы, гэта наша беларуская традыцыя. Ёсць тут і сучасная версія лазні, але менавіта «чорная» найбольш запатрабавана. І нават пасля таго, як цела перастае адчуваць наступствы гэтай лазневай працэдуры, прыемныя ўспаміны застаюцца на ўсё жыццё! Лазня цепліцца адкрытым метадам «па-чорнаму» выключна бярозавымі дровамі ці дровамі з пладовых дрэў (сліва, яблыня).

— Імкнёмся прытрымлівацца даўняга спосабу па стварэнні лёгкай пары. Зробленыя па ўзноўленай тэхналогіі венікі дапамагаюць адчуць усе перавагі «чорнай» лазні. А чаго варты водар у лазні?! — працягвае размову Дзмітрый. — Заўсёды расказваю і паказваю гасцям, як парыліся нашы дзяды, вучу вязаць сапраўдныя венікі… Многія адпачываючыя заказваюць менавіта «чорную» лазню.

Сапраўды, водар у гэтай лазні запамінальны і непаўторны…

Адпачываючыя

— Пра нашу аграсядзібу многія даведваюцца з інтэрнэта. Мы стварылі ўласны сайт. Ёсць пастаянныя кліенты з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Адпачывалі людзі з Украіны, Кітая, Францыі, штогод прыязджаюць амерыканцы, — кажа гаспадар. — Найбольшы наплыў летам. Зімой наведваюцца ў асноўным аматары падлёднай лоўлі рыбы.

Харчаванне

Звычайна напярэдадні заезду госці абмяркоўваюць меню. Гаспадыня імкнецца прыгатаваць менавіта тыя стравы, якія заказваюць. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца нашы беларускія: дранікі, калдуны, клёцкі, яечня, мачанка, летам — халаднік. З задавальненнем спажываюць і сала, якое пасолена з кмінам, часнаком.

Перспектыва

Ёсць у гаспадара шмат задум на перспектыву. Ён плануе разабраць паветкі і хлеўчыкі, а на гэтым месцы пабудаваць дом, які таксама пры неабходнасці можна будзе здаваць адпачываючым. Астатнія планы не будзем раскрываць, каб, як кажуць, не сурочыць.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ. Газета "Нарачанская зара"

На здымку: гаспадар аграсядзібы «Тры Скрыпкі» Дзмітрый з унучкай Лерай. Фота Георгія Прысмакова.